У Берасці будуць судзіць кіроўцу за наезд на жанчыну



У Берасці паўстане перад судом кіроўца, які абвінавачваецца ва ўчыненні ДТЗ са смяротным зыходам.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, 3 кастрычніка каля 19.50 на вуліцы Леніна ў Берасці аўтамабілем BMW на нерэгуляваным пешаходным пераходзе ўчынены наезд на 49-гадовую жанчыну. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў 6 кастрычніка жыхарка Пінска памерла ў шпіталі.

Транспартным сродкам кіраваў 55-гадовы берасцеец. У той момант ён рухаўся з хуткасцю каля 40 км/гадз па крайняй правай паласе ад вуліцы Гогаля ў напрамку вуліцы Міцкевіча. Мужчына быў цвярозы.

Кіроўца сваю віну ў ДТЗ прызнаў цалкам і паказаў, што ад кіравання ўвагі не адцягваў і ведаў, што наперадзе ля плошчы Леніна маецца абсталяваны адпаведнымі дарожнымі знакамі і разметкай пешаходны пераход.

З яго слоў, да моманту наезду ён пешахода не заўважыў. Разам з тым, калі пінчанка пачынала пераходзіць праезную частку, з боку вуліцы Міцкевіча спыніўся аўтамабіль Toyota. Яго вадзіцель бачыў, як злева ад яго жанчына ступіла на пераход, дзе на яе наехаў сустрэчны аўтамабіль BMW. Гэты факт, паводле версіі следства, сведчыць пра тое, што кіроўца BMW не праявіў належнай увагі, і гэта прывяло да ўчынення ім ДТЗ.

Так, сваімі дзеяннямі мужчына груба парушыў патрабаванні правілаў дарожнага руху, згодна з якімі кіроўца абавязаны саступаць дарогу пешаходам на нерэгуляваных пешаходных пераходах; пры пад’ездзе да пешаходнага пераходу павінен рухацца з хуткасцю, якая дазволіць пры неабходнасці саступіць ім дарогу.

У межах крымінальнай справы следчымі дапытаныя сведкі і відавочцы, праведзены следчы эксперымент, атрыманыя заключэнні судова-медыцынскай i аўтатэхнічнай экспертыз, прааналізаваны відэазапіс з камеры вонкавага назірання, якія зафіксавалі момант наезду на пешахода.

Па выніках расследавання УСК па Берасцейскай вобласці кіроўцу выстаўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Матэрыялы крымінальнай справы вывучаныя пракурорам і накіраваныя ў суд для разгляду.

belapan.by