У Берасці будуць судзіць незалежных журналістаў



Незалежнага журналіста з Берасця, што супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя – Яўгена Скрабца, чакае  30 кастрычніка суд.  Яго разам з незалежнымі журналістамі Міланай Харытонавай і Алесем Леўчуком, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» выклікалі сёння ў міліцыю і ўручылі позвы ў суд.

Іх вінавацяць паводле артыкула 22.9 «выраб або распаўсюд інфармацыі без акрэдытацыі для замежных СМІ». Распавядае Яўген Скрабец:

– Праверка пачала праводзіцца ў сувязі са з’яўленнем на сайце Радыё Рацыя і на сайце тэлеканала «Белсат» журналісцкіх матэрыялаў. Вядома, што гэтых праверак па дзве на кожнага з нас, але адміністрацыйны пратакол вось сёння склалі толькі па адной на кожнага. То бок, сёння быў пратакол гэты складзены, нам уручаны копіі. Датычна сябе магу сказаць, што гэта за матэрыял «Графіці на сценах берасцейскай фартэцыі». Справа будзе перададзена ў суд. І суд адбудзецца 30-га кастрычніка – у мой дзень народзінаў, аб 11-й гадзіне.

Як распавёў Яўген Скрабец, яго,  Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву будуць выклікаць у міліцыю  28 кастрычніка яшчэ ў сувязі з асвятленнем  судоў над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя