У Берасці будуць судзіць Віталя Казака
У Берасці адбудзецца суд над грамадскім актывістам Віталём Казаком. Пра гэта паведаміла ў адмысловым прэс-рэлізе ягоная жонка Марыяна. З ёйных словаў, мужу інкрымінуюць нейкія крытычныя выказванні ў адрас дзейснай улады з палітычным падтэкстам. Пра тое, чым насамрэч займаўся Віталь Казак, апавядае ён сам:
– Імкнуся як магу, калі ёсць час, дапамагаць людзям. І сабе дапамагаю ў прынцыпе жыць у гэтай краіне, рабіць парадак, каб у нас усё было добра. Каб людзі нічога не баяліся і паважалі ў тым ліку і ўладу, якая мусіць выконваць спадзяванні народу. Гэта самае галоўнае.
Віталя Казака спрабавалі асудзіць яшчэ 17 жніўня, аднак неўзабаве паведамілі, што накіравалі пратакол на дапрацоўку ў Маскоўскі РАУС, таму разгляду справы не было. Паўторная ж спроба правесці суд адбудзецца ў панядзелак, 18 верасня, а 10-й гадзіне ў Судзе Маскоўскага раёну Берасця. “Запрашаем усіх неабыякавых”, – зазначылі аўтары прэс-рэліза.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце