Чарговы пратакол супраць Яўгена Скрабца адпраўлены на дапрацоўку (абноўлена)



Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, складзены ў адносінах да журналіста Яўгена Скрабца, адпраўлены на дапрацоўку. Адпаведнае рашэнне прыняла суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Ала Вінаградава. Журналіста вінавацілі ў парушэнні часткі 1-й артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за факт з’яўлення матэрыяла пад назвай „Берасцейцам прадставілі адзін з сімвалаў горада” на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Кажа Уладзімір Вялічкін:

Я так і не зразумеў, што гэта было: параза нашых праваахоўных органаў ці справядлівасць нашага суда. Але як бы тое ні было, суддзя слушна адхіліла матэрыялы, якія падрыхтавалі супрацоўнікі міліцыі. Бо змест артыкула зусім не адпавядае таму, што ставяць у віну журналісту-фрылансеру Яўгену Скрабцу.

Яшчэ ў пастарунку падчас складання пратакола ўчастковы лейтэнант міліцыі Клышко запытваў у журналіста пра тэмы, на якіх ён спецыялізуецца. У сваю чаргу Яўген Скрабец заўважыў, што ў трох апошніх спробах прыцягнуць яго да адказнасці па гэтым артыкуле міліцыянты спрабуюць прыцягнуць у якасці сведкаў: дырэктара цэнтральнай гарадской бібліятэкі, выкладчыкаў універсітэтаў, дырэктараў музеяў. „Лічы эліту горада. Але для чаго?” – задаецца пытаннем журналіст. Справа яшчэ можа быць разгледжана, бо па заканадаўстве яшчэ не прыйшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці.

* * * 

29 сакавіка ў cудзе Ленінскага раёна Берасця запланаваны разгляд справы журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца.

На яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па частцы другой артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. А менавіта за матэрыялы падрыхтаваныя журналістам падчас наведвання абласнога краязнаўчага музею.

Яўген Скрабец не выключае, што пераслед звязаны з набліжэннем у Беларусі выбараў:

– Хутчэй за ўсё гэта звязана, я схіляюся да гэтага, з маючымі адбыцца прэзідэнцкімі выбарамі. Калі б гэта было звязана з 25 сакавіка, то можа б на 25 сакавіка мяне і выклікалі, а тут на 29 сакавіка ў суд. Хутчэй за ўсё тут сувязь не з нейкай лакальнай падзеяй, а такой ужо больш маштабнай падзеяй гэтага году. Мацаюць глебу, які журналіст можа рэзка напісаць, як прэзідэнт сказаў: „Выбары павінны прайсці як свята”, які можа гэта свята сапсаваць.

Матэрыял, за які будуць судзіць журналіста, з’явіўся на сайце Радыё Рацыя без пазначэння аўтара і без інтэрв’ю. Гэта ўжо пятая спроба за апошнія два гады прыцягнуць Яўгена Скрабца па гэтым артыкуле. Па трох з іх яго прызналі вінаватым, а яшчэ па адным суда не адбылося з-за некампетэнтна складзенага пратаколу.

Беларускае Радыё Рацыя