У Берасці былая дырэктарка абвінавачваецца ў крадзяжы
Упраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў дачыненні да 57-гадовай жыхаркі Берасця.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, жанчына на пасадзе дырэктара прадстаўніцтва аднаго з прадпрыемстваў вобласці з 2010 па 2016 год складала фіктыўныя дамовы падраду, работы па якіх у сапраўднасці не праводзіліся.
У дамовах указвала пашпартныя дадзеныя асоб, якія брала з крэдытных дамоў пры набыцці грамадзянамі тавару ў растэрміноўку. Затым дырэктар давала сваім падначаленым указанні аб унясенні лжывых звестак у бухгалтарскія дакументы на выплату за нібыта праведзеныя работы грашовых сродкаў, якія прысвойвала.
Такім чынам дырэктар украла грашовыя сродкі прадпрыемства на агульную суму звыш 15 тыс. рублёў. У ходзе следства яна пакрыла шкоду ў поўным аб’ёме.
Дзеянні абвінавачванай следствам кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры). Да яе прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Раней жанчына не судзімая.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.