У Берасці прайшла чарговая грамадская акцыя па кармленні галубоў (абноўлена)
Каля трох соцен чалавек выйшлі на плошчу ў Берасці. Тут адбылася чарговая штотыднёвая нядзельная акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Удзельнікі скандавалі «Не заводу АКБ!», «Свабоду актывістам!», «Генацыд не пройдзе!», «Чыноўнікаў на нары!”, — распавёў грамадскі дзеяч Андрэй Сліж:
– На плошчы пачалі агучвацца і палітычныя патрабаванні, не толькі экалагічныя, бо ўсім зразумела, што ўжо сама сістэма працуе супраць насельніцтва, супраць народа сваімі апошнімі пастановамі, асабліва міністэрства экалогіі, сваімі дзеяннямі (ці хутчэй бяздзейнасцю) можа ператварыць Беларусь у вялікую сметніцу.
Напярэданні правядзення акцыі былі затраманыя адразу тры лідары пратэстаў — Аляксандр Кабанаў, Зміцер Бекалюк і Зміцер Андрасюк. Усе яны былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС і чакаюць суда.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, у Берасці адбылася чарговая акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. Людзі, як ужо звыкла, кожную нядзелю выходзяць на мірную акцыю кармлення галубоў, каб такім чынам выказаць сваё стаўленне да шкоднай хімічнай вытворчасці, якую плануюць запусціць у горадзе над Бугам.
За людзьмі, якія прыйшлі на плошчу ў масках, назіраюць міліцыянты ў цывільным адзенні.
Напомнім, што напярэдадні адбыліся затрыманні найбольш актыўных удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Былі затрыманыя Дзмітрый Бекалюк, Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк. Напэўна ў панядзелак над імі пройдуць адміністрацыйныя суды.
У цэнтры Берасця сёння сабралася ўжо некалькі соцень неабыякавых людзей.
Людзі прайшліся шэсцем, скандуючы пры тым лозунгі „Свабоду актывістам!”, „Лукашэнка, сыходзь!”, „Генацыд не пройдзе!” ды іншыя.
Затрыманняў не было, пасля акцыі людзі разышліся.
Беларускае Радыё Рацыя
фота Беларускае Радыё Рацыя