У Берасці ДАІ плануе стварыць моташколу
Стварыць першую ў горадзе моташколу хочуць прадстаўнікі берасцейскай абласной Дарожнай аўтаінспекцыі. Гэта звязана з павелічэннем колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам уласнікаў двухкалёсных транспартных сродкаў, – паведаміў прэсавы сакратар мясцовага ДАІ Наталля Сахарчук:
– Бадай асноўным рашэннем, якое было прынятае ў час сустрэчы з гэтай катэгорыяў удзельнікаў дарожнага руху, – гэта разгядзець пытанне аб магчымасці стварэння спеціяльнай пляцоўкі, на якой матацыклісты маглі б паляпшаць свае навыкі кіравання, а таксама навучаць правілам бяспечнага кіравання нашую моладзь.
Як распавяла Наталля Сахарчук, матацыклісты даволі актыўна падтрымалі ідэю аб стварэнні адмысловай пляцоўкі для абмену досведам і навучання, што паспрыяе павышэнню культуры кіравання транспартнымі сродкамі.
Беларускае Радыё Рацыя