У Берасці двое п’яных пагражалі мінакам сякерамі
У Берасці затрыманыя два мясцовыя жыхары, якія пагражалі мінакам сякерамі.
Як паведамляе УУС Берасцейскага аблвыканкама, днём 1 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную часць Маскоўскага РАУС на спецлінію 102 патэлефанаваў грамадзянін. Ён расказаў, што двое хлопцаў з сякерамі пагражаюць расправай прахожым.
На месца здарэння быў накіраваны найбліжэйшы нарад міліцыі. У двары дома на бульвары Касманаўтаў супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС паводле прыкмет затрымалі двух маладых людзей. У іх канфіскаваныя дзве сякеры.
Затрыманыя — берасцейцы 1992 і 1990 гадоў нараджэння. Абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Папярэдне ўстаноўлена, што падчас канфлікту адзін з іх нанёс сякерай цялесныя пашкоджанні мясцоваму жыхару. Пацярпелы быў дастаўлены ў медыцынскую ўстанову і пасля аказання дапамогі адпушчаны дадому. Яго здароўю нічога не пагражае.
На гэты момант, паведамляе УУС, затрыманыя знаходзяцца ў Маскоўскім РАУС. Праводзіцца праверка.