У Берасці грамадскасць наладжвала міжнароднае парнёрства
Больш за 20 прадстаўнікоў беларускіх і еўрапейскіх грамадскіх аб’яднанняў, а таксама прадстаўнікоў грамадскай супольнасці, сустрэліся ў Берасці на мерапрыемстве пад назвай “Сустрэча па наладжванню кантактаў і партнёрства: сацыяльная інклюзія і сацыяльнае прадпрымальніцтва”.
Адна з арганізатараў сустрэчы Святлана Зінкевіч перакананая, што важна знаходзіць агульныя інтарэсы паміж грамадскімі арганізацыямі:
– Мы чакаем, што будуць сумесныя праекты, якія будуць развіваць беларускую моладзь, якія будуць працаваць з людзьмі, у якіх ёсць асаблівыя патрэбы, а таксама развіваць прадпрымальніцтва. Таму мы, як арганізацыя якая развівае грамадскую супольнасць, праводзім гэту сустрэчу і вельмі спадзяемся, што будуць новыя.
Старшыня Савета грамадскай арганізацыі YMCA (“Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”) у Берасці Аляксандр Драчук перакананы, што гэта добрая магчымасць для знаёмства з новымі патэнцыйнымі партнёрамі:
– Асноўная мэта – гэта пазнаёміцца з новымі патэнцыйнымі партнёрамі, паколькі тут прадстаўлены шэсць краін і ўсе яны прадстаўляюць даволі цікавыя арганізацыі для нашых арганізацый, таму я спадзяюся, што мы будзем развіваць нашы кантакты.
Cустрэча прайшла ў рамках “Еўрапейскага міжкультурнага фестываля 2014”. Яе арганізатары – асветніцкая ўстанова “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі” пры падтрымцы грамадскіх арганізацый краінаў Еўрапейскага звяза.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце