У Берасці грамадзяне дабіваюцца добраўпарадкавання і рамонту вуліц
У Берасці грамадзяне дабіваюцца добраўпарадкавання і рамонту вуліц у раёне школы нумар 10. Са скаргаю да выканаўчага органа ўлады адносна невырашаных праблемаў мікрараёну Усход звярнулася актывістка кампаніі “Гавары Праўду!” Ганна Канюс.
Згодна з мінулымі адказамі прадстаўнікі мясцовай ўлады завяраюць, што ў іх няма магчымасці вырашыць сітуацыю, і для капітальнага рамонту дарог у бюджэце няма сродкаў. Палітык адзначыла, што пакуль не зразумела, хто будзе несці адказнасць за нявырашаныя сацыяльна вострыя пытанні:
– У нас ёсць адказы Берасцейскага выканаўчага камітэту і ДАІ УВД Берасцейскага аблвыканкаму, з якіх вынікае, што дарога будзе адрамантаваная ў спрыяльнае надвор’е. Мы лічым, што такі адказ недапушчальны, Мы хацелі пачуць канкрэтныя тэрміны і канкрэтных людзей і арганізацый, якія адказныя за такі рамонт.
Яшчэ ў лютым гэтага году да ДАІ Берасцейскай вобласці і Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт быў накіраваны зварот ад грамадзян, у якіх была акцэнтаваная ўвага на кепскі стан дарог каля школы нумар 10. На ўчастку дарогі паміж дзіцячым садком нумар 41 і дзіцячым садком нумар 34 грамадскія дзеячы налічылі сотні пашкоджанняў дарожнага пакрыцця.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце