У Берасці ідзе набор вучняў у 5-ы беларускамоўны клас
Набор у клас адбываецца ў сярэдняй школе № 29. Некалькі заявак у клас ужо пададзеныя. Мы пацікавіліся ў бацькоў, чаму яны абралі менавіта 29-ю школу.
Распавядае Маргарыта, маці Францішка Вялічкіна, які вучыўся па-беларуску з першага па чацвёрты клас у ПШ № 34:
– Наш сын скончыў пачатковую школу з беларускай мовай навучання. І пасля выпуску перад намі паўстала пытанне выбару школы. Мы наведалі некалькі школ горада і спыніліся на школе № 29. Па-першае, школа нам спадабалася сваімі профільнымі прадметамі: англійскай мовай і матэматыкай. Па-другое, былі прыемна ўражаны адданасцю настаўнікаў да сваёй працы. Гэта школа з моцнымі традыцыямі і з моцным педагагічным складам. Таму ў нас вялікія спадзяванні і чаканні ад навучальнага працэсу. Я б не раіла бацькам баяцца таго, што прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Веданне моў развівае дзяцей, у іх няма нейкіх бар’ераў, страхаў ці стэрэатыпаў як у нас, у дарослых. Досвед маіх старэйшых дзяцей паказвае, што яны больш адкрытыя да свету, больш запатрабаваныя ў свеце, і дасканалае валоданне беларускай мовай ім ніколі ў жыцці не замінала, наадварот, дапамагала, асабліва пры вывучэнні замежных моваў.
Зараз у Беларусі назіраецца тэндэнцыя да больш шырокага ўжывання беларускай мовы. Ужо сёння можна ўбачыць надпісы беларускай лацінкай на вакзалах і вуліцах вялікіх гарадоў. Павялічылася колькасць рэкламы па-беларуску. Развіваецца беларускамоўная літаратура, Беларускія спартоўцы сусветнага маштабу як Аляксандра Герасіменя, Аліна Талай, Віталь Гуркоў выказваюцца ў падтрымку беларускай мовы, размаўляюць на ёй і не хаваюць, што беларуская мова з’яўляецца візітоўкай нашай краіны. Яны перакананыя, што чалавек, які валоднае роднай мовай годна будзе бараніць інтарэсы нашай краіны не толькі на спартыўнай пляцоўцы, але і на міжнароднай арэне. Веру, што беларуская мова знойдзе годнае месца і ў будучыні, калі мы разам са сваімі дзецьмі прыкладзем да гэтага намаганні”.
ДУА „Сярэдняя школа №29 г. Брэста” запрашае для далейшага навучання ў 5-ым беларускамоўным класе . Залічэнне вучняў ажыццяўляецца на падставе заявы бацькоў. Даведкі праз нумар +375 (162 ) 42-40-90 .
Беларускае Радыё Рацыя