У Берасці хочуць правесці 1 мая мітынг супраць завода АКБ



Берасцейцы супраць свінцу” – мітынг праціўнікаў акумулятарнага завода пад такой назвай адбудзецца 1 мая на пляцоўцы ў сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Такая інфармацыя змешчана на афіцыйнай Facebook-старонцы праціўнікаў завода “АйПаўэр”.

Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:

– Год ідзе пад знакам канфлікту грамадскасці з акумулятарным заводам, канфлікту з уладамі. У межах гэтага канфлікту адбываюцца і затрыманні, і пераследы, і штрафы. Ёсць шмат парушэнняў. Людзі хочуць выказаць сваё меркаванне, свой пратэст, бо яны не згодны. Але ўлады ўсяляк заганяюць у рамкі, якія не дазваляюць распаўсюджваць інфармацыю, прыцягваць прыхільнікаў. І калі была дазволена акцыя на гэтую тэму, прыйшло каля 2 тысяч чалавек.

Заяўленыя мэты мітынгу – інфармаванне насельніцтва пра сітуацыю і экалагічныя небяспекі, звязаныя з будучай працай завода “АйПаўэр”, а таксама пратэст супраць ягонага будаўніцтва і адкрыцця. Пачатак у 17:00.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце