У Берасці падалі заяўку на пікет да Дня правоў чалавека (абноўлена)



Адміністрацыя Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў адмовілася заключаць дамову аб правядзенні пікетавання да Міжнароднага дня правоў чалавека ў Берасці. Пра гэта паведаміў берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Для таго, каб правесці масавае мерапрыемства згодна беларускіх законаў, трэба заключыць дамовы з шэрагам інстанцый, у шэрагу якіх прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, праваахоўныя органы, работнікі медыцынскай сферы і адміністрацыя ўстановы, дзе будзе ладзіццца пікет, – распавёў ён:

– Справа простая – прыйшоў грамадзянін, хоча заключыць дамову, справа толькі ва ўмовах, згодны ці не. У дадзеным выпадку нават размовы такой не ідзе. Нам адзін з супрацоўнікаў сказаў, што яны не абавязаныя заключаць дамову, іх ніхто гэта рабіць не абавязвае.

Да пакету дакументаў у Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт праваабаронцы прыклалі заяву да адміністрацыі Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў з просьбаю заключыць дамову. Калі дамова не будзе заключаная – гэта падстава для звароту ў суд.

* * *

Заяўку на правядзенне пікету да Міжнароднага дня правоў чалавека берасцейскія праваабаронцы падалі ў гарадскі выканаўчы камітэт. Яны хочуць зладзіць мерапрыемства 10 снежня ў дазволеным уладамі месцы – Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, – распавёў адзін з заяўнікаў пікету Уладзімір Вялічкін:

– Берасцейскія праваабаронцы падалі заяўку на правядзенне 10 снежня пікету ў гонар 66-й гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Адначасова мы вырашылі нагадаць жыхарам горада пра праблему палітзняволеных і звярнуць увагу насельніцтва і кіраўніцтва горада на тое, што правы чалавека трэба выконваць, бараніць і прапагандаваць.

“Я не маю ілюзій адносна дазволу пікету, аднак надзея памірае апошняй”, – адзначыў Уладзімір Вялічкін. Ён не выключае, што праваабаронцы могуць атрымаць дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце