У Берасці на 18-ым участку сапсаваныя бюлетэні лічылі за Лукашэнку
Сапрасаваныя бюлетэні на 18-ым участку Берасця сябры камісій вырашылі лічыць за Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта паведаміла незалежная назіральніца Ірына Сіняпкіна. З нагоды грубага парушэння выбарчага заканадаўства была складзеная скарга ў вышэйшыя інстанцыі. Ірына Сіняпкіна адзначыла, што рашэнне сябры камісіі прымалі калегіяльна:
– Старшыня камісіі Вольга Скалюк прапанавала чальцам камісіі сапсаваныя бюлетэні, дзе насупраць кожнага кандыдата стаялі нейкія значкі, прызнаць іх сапраўднымі, матывіруючы гэта тым, што можа за Лукашэнку чалавек хацеў прагаласаваць, але крыху памыліўся, то давайце прагаласуем: лічым такі бюлетэнь сапраўдным, ці не. Так – згаджаюцца. Чарговы бюлетэнь – стаяць нейкія кручочкі насупраць кожнага кандыдата. Галасуем: што ён за кандыдата Лукашэнку. Так – згаджаюцца.
Незалежная назіральніца звярнула таксама ўвагу на тое, што стосы галасоў за Аляксандра Лукашэнку былі ў два разы большыя за стосы за Таццяну Караткевіч. Аднак у выніковых пратаколах прапорцыя паміж працэнтамі, якія набралі кандыдаты, адрознівалась больш чым у 10 разоў.
Беларускае Радыё Рацыя