У Берасці на плошчу выйшлі праціўнікі будаўніцтва завода



16 снежня на плошчу Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

У 12.40 на плошчы было каля 200 чалавек. Яны абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Сярод тых, хто сабраўся, быў і экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. „Я лічу, што кожны прыстойны чалавек, незалежна ад месца пражывання, павінен выказаць салідарнасць з людзьмі, якія выступаюць супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага завода і якія амаль год выходзяць на плошчу, нягледзячы на пагрозы ім і іх сем’ям”.

Такую грамадскую пазіцыю палітык лічыць феноменам. „З такіх грамадзянскіх пляцовак пачынаюцца перамены”, — заявіў ён.

Актывіст Дзмітрый Бекалюк расказаў, што праекціроўшчык акумулятарнага завода „АйПауэр” адклікаў праектную дакументацыю з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Пра гэта паведаміла 15 снежня падчас правядзення прамой лініі першы намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, адказваючы на пытанне брэстаўчаніна Дзям’яна Лепясевіча аб выніках паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, якая павінна была завяршыцца 14 снежня.

Гэты факт, лічыць Бекалюк ,, сведчыць аб тым, што „аргументаваныя факты праціўнікаў будаўніцтва завода аб выяўленых парушэннях абгрунтаваныя”. „Відавочна, праекціроўшчыку сказалі, што будзе адмоўнае заключэнне экалагічнай экспертызы і таму ён адклікаў гэтыя праекты. Я думаю, цяпер праект будуць падчышчаць, каб ён прайшоў экспертызу, але ў нас ёсць і факты пра іншыя парушэнні, якія мы яшчэ не агучвалі”, — заявіў Бекалюк.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы таксама адзначалі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам, пакуль не будзе станоўчай экалагічнай экспертызы, завод не можа быць запушчаны. Згодна з законам, пасля новай экалагічнай экспертызы павінен быць распрацаваны новы АУНА (Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) і павінны быць праведзеныя новыя грамадскія абмеркавання. „Усё Берасце прыйдзе на гэтыя грамадскія абмеркаванні, каб выказаць сваё не заводу”, — заявілі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 32 мітынгаў, 12 пікетаў і чатырох дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што засцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць годную заработную плату”, — заявіў ён.

belapan.by