У Берасці на плошчы Леніна сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода



30 снежня ў Берасці на плошчы Леніна зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага гэтага года. Такім чынам, сённяшняя стала 44-й.

Паводле падлікаў праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 170 чалавек, якія абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Многія з тых жыхароў, што прыйшлі сёння на плошчу, заяўлялі, што маюць намер працягваць у новым годзе кампанію супраць будаўніцтва завода пад Брэстам.

Як адзначыла брэстаўчанка Людміла, яна марыць, каб у 2019 годзе, калі будзе адзначацца 1000-годдзе Брэста, было прынята рашэнне аб спыненні будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства.

Грамадскі актывіст Дзям`ян Лепясевіч адзначыў, што даведаўся пра пачатак будаўніцтва роўна год таму, 30 снежня 2017 года. „І калі я даведаўся тэхнічныя пытанні, у мяне адразу склалася пра яго адмоўнае ўражанне. Пры гэтым я не думаў, што гэтая грамадская кампанія будзе доўжыцца так доўга, амаль год. Я быў абсалютна ўпэўнены, што, калі агучаць усе парушэнні ў гэтым праекце, выяўленыя грамадскасцю, улада прыме меры. У мяне была ўпэўненасць, што ўлада за людзей”, — заявіў ён.

На пытанне БелаПАН, які яго прагноз далейшага развіцця падзей, актывіст адзначыў, што праціўнікі будаўніцтва завода прыкладваюць усе намаганні для таго, каб завод не быў пабудаваны. „Упэўненасць, што завод закрыюць, ёсць. Таму што ўлада не можа сябе так дыскрэдытаваць, яна і так ужо апусцілася на самае дно”, — лічыць Лепясевіч.

Жыхар Брэста Сяргей мяркуе, што дапоўнены праект будаўніцтва, які раней быў адкліканы з Мінпрыроды, атрымае станоўчае заключэнне. „Чыноўнікі Мінпрыроды будуць да канца ўпірацца, каб не прызнаць свае памылкі і захаваць пасады”, — лічыць ён.

Як адзначыў актывіст Дзмітрый Бекалюк, у рамках грамадскай кампаніі да дзяржструктур былі даведзены ўсе парушэнні, якія выяўлены прадстаўнікамі грамадскай кампаніі. Пры гэтым у атрыманых адказах чыноўнікаў ні адзін з выяўленых грамадскімі актывістамі фактаў не абвергнуты.

Ён мяркуе, што зменены праект „будзе падагнаны так, каб не пісаць новы АУНА” (Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) і не праводзіць новае грамадскае абмеркаванне. Пры гэтым, паведаміў Бекалюк, паводле падлікаў актывістаў, якія зроблены на аснове даных з адкрытых крыніц, толькі сыравіны будзе перапрацоўвацца на 50 працэнтаў больш, чым заяўлена ў праекце, таму і выкідаў будзе больш, чым заяўлена.

Ён лічыць, што грамадская кампанія набірае абароты, не заціхае.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 40 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

31 кастрычніка прэм`ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што апасенні наконт будаўніцтва акумулятарнага завода крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць годную заработную плату”, — заявіў ён.

15 снежня першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна падчас прамой лініі паведаміла брэсцкаму актывісту Дзям`яну Лепясевічу, што праектная дакументацыя акумулятарнага завода адкліканая праекціроўшчыкам з паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Паводле яе слоў, пасля прапрацоўкі дакументацыі яна зноў будзе пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Паводле звестак грамадскіх актывістаў, дапрацаваны праект 21 снежня зноў паступіў на экалагічную экспертызу.

21 снежня ў Брэсцкі райвыканкам пададзена заяўка на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода.

belapan.by