У Берасці не дазваляюць адкрыць „Макдональдс”
Ужо не першы раз капання «Макдональдс» заяўляе пра сваё жаданне адкрыць рэстараны сеткі ў Берасці. Але гарадскія ўлады ўпарта адмаўляюць фастфуду. Ліст кампаніі ў мясцовы аблвыканкам апублікаваў «Вячэрні Брэст».
«Як замежны інвестар», – гаворыцца ў афіцыйным лісце кампаніі за подпісам начальніка аддзела развіцця Святланы Свірыдовіч, – кампанія «Макдональдс» зацікаўлена ў развіцці сеткі рэстаранаў у Менску і ў абласных гарадах Беларусі, у тым ліку ў горадзе Берасці».
Па папярэдняй ацэнцы кампаніі, патэнцыял абласнога цэнтра дазваляе адкрыць у гэтым горадзе некалькі рэстаранаў «Макдональдс». Аднак у адказ на запыт намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Клец паведаміў, што пляцовак пад размяшчэнне буйных гандлёвых аб’ектаў на тэрыторыі Берасця няма.
Пакуль жа сярод беларускіх гарадоў «Макдональдс» мае свае рэстараны толькі ў Менску і Віцебску.