У Берасці не дазволілі святкаваць Дзень Волі
Афіцыйнага дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў не было. Такую інфармацыю сёння, 24 сакавіка, распаўсюдзіла берасцейская пракуратура адносна святкавання Дня Волі:
– У заяве адзначаецца, што ніякіх заявак на правядзенне акцый, мітынгаў ці шэсцяў да выканаўчых уладаў не паступала. У той жа час у інтэрнэце з’яўляюцца заклікі да святкавання 25 сакавіка.
Літаральна тыдзень таму старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі зрабіў заяву, што ў цяперашніх умовах планаванне святочных імпрэзаў у абласным горадзе да Дня Волі не прадстаўляецца магчымым. Такую ж інфармацыю агучыў і старшыня абласной структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Але гэта не значыць, што святкаванне 25 сакавіка трапіла пад забарону. Не плануецца правядзенне менавіта масавых афіцыйна дазволеных мерапрыемстваў. Адзначэнне такой даты ў сямейным коле ці з суседзямі — гэта выбар кожнага жыхара вобласці.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце