У Берасці не дазволілі мітынгі супраць завода АКБ
Берасцейскі гарвыканкам не дазволіў правядзенне чатырох мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў БелаПАН заяўнік акцый мясцовы жыхар Сяргей Свірскі.
Паводле яго слоў, па два мітынгі планаваліся 9 і 10 лютага на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.
„Гарвыканкам адказаў, што ў гэтыя дні там будуць праводзіцца запланаваныя раней мерапрыемствы: ваенна-спартыўнае свята і спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, прысвечаныя 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. З-за гэтай прычыны нам не дазваляюць, як паведамляе гарвыканкам, правесці мітынгі супраць завода. Пры тым, што дазволу мы якраз і не прасілі, бо з 26 студзеня законам прадугледжаны паведамляльны парадак падачы заявак на пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў”, — дапоўніў Свірскі.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 52 мітынгаў, 12 пікетаў і 6 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.
Праціўнікі прадпрыемства збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.
31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода некалькі перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.
У студзені Берасцейскі райвыканкам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода. На рэферэндум прапаноўвалася вынесці пытанне пра забарону любой дзейнасці, звязанай з будаўніцтвам і эксплуатацыяй завода па вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, на тэрыторыі раёна.