У Берасці не спыняецца судовы канвеер



Кожны тыдзень разглядаецца ад некалькіх дзясяткаў да паўсотні адміністрацыйных справаў у адносінах да мірных удзельнікаў шэсцяў ды акцый. Іх вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 або ўдзел у незаконных мерапрыемствах. Валанцёрка берасцейскага аддзялення „Вясны” спадарыня Ганна адзначыла, што варта звярнуць увагу найперш на тое, колькі часу прайшло з моманту затрымання:

– Калі дакладна вядома, што затрымалі, то лепш пачакаць тры гадзіны, пакуль аформяць дакументы, або могуць да трох гадзін адпусціць. Але калі будуць утрымліваць больш за тры гадзіны, гэта значыць, што складзены пратакол, хутчэй за ўсё будзе фігураваць артыкул 23.34. У такім выпадку трэба тэлефанаваць у ІЧУ. Звычайна затрыманыя людзі знаходзяцца там.

Валанцёрка „Вясны” дадала, што калі чалавека затрымалі не ў часе акцыі, а непасрэдна па яго прыйшлі да дому, то абавязкова неабходна патрабаваць належным чынам аформленую позву.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце