У Берасці не знайшлі парушэнняў выбарчага заканадаўства



Парушэння выбарчага заканадаўства ў часе падліку галасоў на ўчастках у Берасці не было. Такі адказ на свае скаргі да старшыняў участковых камісій атрымала каардынатар кампаніі „Права выбару” ад берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Святлана Алесюк. Яна не згодная з такой фармулёўкай і лічыць, што былі парушаныя правы грамадзян – незалежных назіральнікаў:

– Практычна на ўсіх участках, дзе назіралі назіральнікі ад кампаніі “Права выбару”, былі зафіксаваныя парушэнні, якія адбываліся падчас падліку галасоў. Найбольш прэтэнзій назіральнікі выказвалі да таго, што іх не дапусцілі да рэальнага падліку галасоў. Калі чалавек знаходзіцца на адлегласці пяці метраў ад стала, то зразумела, што ён не бачыць як лічаць бюлетэні.

Святлана Алексюк адзначыла, што таксама скаргі былі накіраваныя ў тэрытарыяльныя камісіі і ў берасцейскую пракуратуру. Цягам двух тыдняў яны павінны адрэагаваць на звароты грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя