У Берасці нядзельныя акцыі прайшлі без масавых затрыманняў
Чарговыя ўжо традыцыйныя акцыі пратэсту на Берасцейшчыне закончыліся фактычна без затрыманняў. Але і сталі нешматлюднымі. Агульная колькасць удзельнікаў па вобласці склала да сотні чалавек:
Адзін з прынцыпаў нядзельных акцый, якіх прытрымліваюцца жыхары Берасцейскай вобласці, як і іншых рэгіёнаў, — гэта дэцэнтралізацыя. Загадзя невядома, дзе будзе адбывацца збор удзельнікаў. Кропка паведамляецца ў закрытых чатах, пасля чаго калоны збіраюцца ў мікрараёнах.
Адна з самых вялікіх калонаў прайшлася па мікрараёну Усход. Людзі рухаліся без сімволікі і лозунгаў, што дазволіла захаваць іх бяспеку.
Дзякуючы такой форме пратэстаў амаль што не адбываецца кантакту з сілавікамі. За мінулую нядзелю, 20 снежня, у Берасці стала вядома толькі пра затрыманне жыхара гораду Віктара Марчука. Да яго падышлі на перакрыжаванні вуліцы Савецкай і Гогаля, пасля чаго даставілі ў Ленініскі РАУС. Ці адбудзецца ў бліжэйшыя дні судовае пасяджэнне — не паведамляецца.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце