У Берасці пачаўся суд над Аляксандрам Кардзюковым



Судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда 16 лютага пачала разглядаць справу на падставе ч. 1 арт. 14 і п. 10 ч. 2 арт. 139 (замах на забойства), ч. 2 арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак) КК у дачыненні да Аляксандра Кардзюкова.

Фігурантам справы паводле ч. 2 арт. 363 КК таксама з’яўляецца Генадзь Шутаў. Увечары 11 жніўня 2020 года падчас разгону акцыі пратэсту яму было прычыненае агнястрэльнае раненне ў галаву. 13 жніўня ён у цяжкім стане быў пераведзены на лячэнне з Берасцейскай абласной бальніцы ў шпіталь Міністэрства абароны ў Менску, дзе 19 жніўня памёр. Следчы камітэт і пракуратура адмовілі сваякам Шутава ў распачынанні крымінальнай справы па факце яго смерці.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, сваякі Шутава не пагадзіліся з прапановай спыніць у дачыненні да яго гэтую крымінальную справу ў сувязі са смерцю, бо хочуць, каб суд вынес яму апраўдальны прысуд.

Паводле слоў праваабаронцы, згодна з версіяй абвінавачання, увечары 11 жніўня ў Берасці Шутаў і Кардзюкоў у гаражы выпілі спіртное, пасля чаго пайшлі на вуліцу Маскоўскую. У Кардзюкова пры сабе быў кавалак металічнай трубы. На пляцоўцы ля дома на вуліцы Маскоўскай у іх здарыўся канфлікт з двума вайскоўцамі, якія неслі службу па ахове грамадскага парадку. Кардзюкоў ударыў аднаго з іх металічнай трубой па галаве і прычыніў таму лёгкія цялесныя пашкоджанні. Затым у гэтага вайскоўца ўзнікла бойка з Шутавым, падчас якой ён, імкнучыся абясшкодзіць Шутава, стрэліў яму ў вобласць левага перадплечча, але трапіў у патыліцу.

Пацярпелымі па справе прызнаныя двое вайскоўцаў, якія ў судовым пасяджэнні пацвердзілі выстаўленае абвінавачанне фігурантам справы.

„Кардзюкоў сваёй віны не прызнаў. Ён заявіў, што разам з Шутавым падышоў да пацярпелых, якіх яны прынялі за звычайных прахожых, бо тыя былі ў цывільнай вопратцы, і запыталіся ў іх, што тут адбываецца. Вайскоўцы не назвалі сябе і службовыя пасведчанні не паказалі. Пасля таго як адзін з гэтых людзей штурхнуў Кардзюкова, той даў яму здачы, ударыўшы кавалкам трубы па назе. На гэта мужчыны дасталі пісталеты, і адзін закрычаў: „Вырадкі, завалю!” Кардзюкоў уцёк, таму што баяўся за сваё жыццё”, — расказаў праваабаронца.

Паводле слоў Кісляка, дачка Генадзя Шутава, якая прадстаўляе ў судзе яго інтарэсы, сёння паказала, што бацька быў лагодным чалавекам і ўсе канфлікты стараўся вырашаць мірным шляхам.

Разгляд справы працягнецца 17 лютага.

belapan.by