У Берасці пачаўся суд над фігурантам «справы Аўтуховіча» Уладзімірам Гундарам



12 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця пачаўся крымінальны працэс над баранавіцкім актывістам, фігурантам так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовым Уладзімірам Гундарам.

Пра гэта „Свабодзе” паведаміла жонка падсуднага. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На працэс не змаглі трапіць нават родныя актывіста. У будынак суда на праспекце Машэрава 8, яе не пусцілі нават да дзвярэй залы, таму яна стаіць на вуліцы, бачыла, як на працэс прыехалі сведкі.

Уладзіміра Гундара судзяць праз абвінавачаньне ў «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Паводле следства, 30 снежня (у гэты дзень былому «аўганцу», інваліду 2-й групы Уладзімеру Гундару прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». — РС) падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасля чаго Гундару выставілі абвінавачаньне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Паводле гэтага артыкулу Уладзімеру Гунадару пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Па словах Алены, віны яе муж не прызнае.

60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца Уладзімер Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракту Мікалаем Аўтуховічам і Вольгай Маёравай,  некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасцейскае СІЗА № 7. 

Уладзімір Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрымання праваахоўнікі прымусілі яго зняць. У турме Уладзімір Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.