У Берасці пададзена заяўка на мітынг супраць акумулятарнага завода



25 мая ў Берасцейскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 10 чэрвеня ў цэнтры горада мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Яго заяўнікамі выступілі трое берасцейцаў.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, мэта планаванай акцыі — выказаць пратэст у сувязі з будаўніцтвам гэтага прадпрыемства, якое ўзводзіцца без уліку меркавання жыхароў. „Праціўнікі акумулятарнага завода абураныя, што ўлады іх не чуюць, і хочуць публічна заявіць: гэтага небяспечнага прадпрыемства пад Брэстам не павінна быць”, — дадаў праваабаронца.

Ён нагадаў, што раней у гарвыканкам была накіравана заяўка на правядзенне 3 чэрвеня ў цэнтры горада дэманстрацыі і мітынгу „Марш супраць свінцу”. Мэта гэтага масавага мерапрыемства — выказаць публічны пратэст у сувязі з будаўніцтвам пад Брэстам завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”, забруджваннем навакольнага асяроддзя дзейнымі прадпрыемствамі групы ПАК, а таксама праінфармаваць жыхароў рэгіёну пра шкоду свінцу і яго злучэнняў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. „Адказу на гэту заяўку пакуль няма”, — сказаў Кісляк.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак створаная ў сувязі са зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Брэсцкага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэта рашэнне ў Брэсцкі абласны суд.

29 красавіка ў Берасці прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага завода „Брэстчаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

11 мая на імя Аляксандра Лукашэнкі накіраваны зварот жыхароў Берасця і Брэсцкага раёна з просьбай вызваліць ад займаных пасад старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 2.665 чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Брэсце прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, размаўляюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

belapan.by