У Берасці пададзены заяўкі на правядзенне мітынгаў



15 жніўня ў Берасцейскі гарвыканкам пададзены заяўкі на правядзенне пяці мітынгаў „Берасцейцы супраць акумулятарнага завода”, паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцый праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго сло, тры мітынгі намячаюцца 2 верасня, па адным — 30 верасня і 28 кастрычніка. Усё на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Дзве заяўкі мы спецыяльна падалі загадзя. Так як мясцовая ўлада забараняе там праводзіць нам мітынгі, спасылаючыся на тое, што ў гэтым парку ў дні, на якія мы падаем заяўкі, будуць праводзіцца запланаваныя раней мерапрыемствы, — дапоўніў Кісляк. — Відавочна, што на гэту пляцоўку чыноўнікі пераарыентавалі большасць мерапрыемстваў, каб пазбавіць нас магчымасці мітынгаваць супраць гэтага небяспечнага прадпрыемства”.

Праваабаронца падкрэсліў, што раней актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Берасці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

У прыватнасці, мітынг, які намячаўся на 19 жніўня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, не дазволены гарвыканкамам з матывіроўкай, што там будзе праводзіцца запланаваная раней акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня бяздомных жывёл.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПауэр” — Рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек. У цэлым такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.