У Берасці пададзены заяўкі на правядзенне васьмі мітынгаў супраць завода АКБ



7 чэрвеня пададзены заяўкі на правядзенне васьмі мітынгаў супраць акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН заяўнік акцый праваабаронца Раман Кісляк, чатыры мітынгы (18, 19, 20 і 21 чэрвеня) намечаны на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў. Яшчэ чатыры (па одным — 22—25 чэрвеня) у цэнтральным парку культуры і адпачынку каля шахматна-шашачнага клуба.

„Брэстаўчане маюць намер рэалізаваць сваё права на мірнае выказванне пратэсту супраць дадзенага небяспечнага завода. Улады павінны зразумець: гэты пратэст сам па сабе не пройдзе. Пратэстоўцаў не становіцца менш, а іх рашучасць закрыць завод толькі расце”, — заявіў праваабаронца.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 189 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” збудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

belapan.by