У Берасці памёр актывіст Раман Рэшэцкі



У Берасці памёр актывіст Раман Рэшэцкі. Пра гэта „Брэсцкай газеце” паведамілі яго сябры.

Інфармацыі пра тое, што здарылася, пакуль вельмі мала. Вядома, што ўчора ў кватэры Рамана судовыя выканаўцы правялі вопіс маёмасці. Па словах сяброў, некалькі гадоў на Рашацкім вісеў штраф з-за парушэнняў ПДР, ён не мог яго аплаціць.

„Учора з-за вопісу маёмасці заўсёды актыўны Раман быў сам на сябе не падобны — ён быў вельмі падаўлены”, — успамінаюць сябры. Яны мяркуюць, што менавіта гэтыя перажыванні маглі справакаваць смерць мужчыны.

Раман Рашэцкі з’яўляўся актыўным удзельнікам пратэстнага руху. Ён усяляк дапамагаў затрыманым, адсочваў у судах разгляд іх спраў, дапамагаў з перадачамі, арганізоўваў транспарт для сустрэч для людзей, якія выходзяць з ізалятараў.

Некалькі месяцаў таму Рамана асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Калі пасля вызвалення ён прыйшоў у РАУС, каб забраць канфіскаваны БЧБ-сцяг, яго зноў „закрылі” на трое сутак да суда: маўляў, патрабуючы сцяг, ён „назойліва чапляўся да супрацоўнікаў міліцыі”. Тады суд адправіў справу на дапрацоўку, а ў канцы лістапада Рамана прыйшоў ліст: вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні спынена ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання.