У Берасці пікетавалі за годную працу
Больш за дваццаць чалавек з розных куткоў Беларусі сабраліся на пікет “За годную працу!” ў Берасці. Санкцыянаванае мясцовымі ўладамі мерапрыемства аднак праходзіла на ўскрайку горада ля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падрабязней каментуе заяўнік пікету, намеснік старшыні прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Зінаіда Міхнюк:
– Тое, што месца не самае мнагалюднае, – гэта кепска. Тое, што мы сёння хоць так можам быць салідарныя з прафсаюзным рабочым рухам усяго свету – гэта добра. За гэтае месца няхай будзе сорамна нашай уладзе, калі яна баіцца рабочых. Годная праца мае на ўвазе годны заробак, каб працоўны чалавек не быў бедным.
“Кошты! Заробкі! Справядлівасць! Правы чалавека ў сферы працы!” – такія лозунгі можна было пабачыць на плакатах ў берасцейскім Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў у час акцыі з нагоды Сусветнага дня дзеянняў за годную працу. Беларускія прафсаюзныя актывісты і рабочыя ўздымалі праблемы ў сферы працы, якія назапасіліся ў краіне. Кажа машыніст вежавага крана Аляксандр Сахарук, які прымаў удзел у пікеце:
– На расцяжцы словы: “Кантракт – рабства для рабочага класа!” Я пра гэта даведаўся на ўласным досведзе. У мяне два паведамленні на непрацяг кантракту па гэтым артыкуле. Дзякуючы незалежнаму прафсаюзу я працягваю працаваць. Я з сябе даўно пачаў выціскаць раба.
Таксама мітынгоўцы раздавалі нешматлікім мінакам інфармацыйныя ўлёткі і недзяржаўную прэсу. Акцыя цягнулася каля паўтары гадзіны і абышлася без затрыманняў з боку супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі. Варта зазначыць, што ў гэты дзень падобныя мерапрыемствы былі дазволены яшчэ ў дзьвух гарадах – Бярозе і Бабруйску.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце