У Берасці рыхтуюць перадвыбарчы мітынг супраць акумулятарнага завода



Група кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў плануе правесці ў Берасці мітынг супраць акумулятарнага завода, паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, сумесны мітынг „Не свінцоваму заводу!” у рамках сваіх перадвыбарных агітацыйных кампаній намячаюць вылучэнцы ў парламент ад Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Аляксандр Пась і Аляксандр Мельнік, ад Партыі БНФ — Ірына Амельянчук.

Пась і Амельянчук балатуюцца па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, Мельнік — па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

„Давераныя асобы гэтых кандыдатаў 6 лістапада падалі ў Берасцейскі гарвыканкам апавяшчэнне аб правядзенні мітынгу. Ён намячаецца на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў”, — сказаў праваабаронца.

На мітынгу кандыдаты ў дэпутаты азнаёмяць выбаршчыкаў з галоўнымі пунктамі сваіх перадвыбарных праграм, у тым ліку патрабаваннем спыніць будаўніцтва і закрыць акумулятарны завод пад Берасцем.

„Супраць гэтага прадпрыемства выступаюць усе непраўладныя кандыдаты ў дэпутаты, — адзначыў Кісляк. — Пазбаўленнем рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты актывіста грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Уладзіміра Мароза ўлады спрабавалі прыбраць тэму гэтага пратэсту з парламенцкіх выбараў. Але гэта тэма настолькі важная для рэгіёну, што прыбраць яе немагчыма. Берасці пагражае экалагічная катастрофа”.

Праваабаронца нагадаў, што 3 лістапада перадвыбарны агітацыйны пікет супраць свінцовага завода правялі ў Берасці кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс, якія таксама выступаюць за забарону будаўніцтва прадпрыемства.

На парламенцкіх выбарах вылучылі свае кандыдатуры чатыры праціўнікі завода, зарэгістраваны быў толькі Уладзімір Мароз. У рэгістрацыі адмоўлена Аляксандру Кабанаву ў Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1, Раману Кісляку ў Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, Алене Макарэвіч у Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3.

1 лістапада Мароз быў пазбаўлены рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты выбарчай камісіяй Брэсцкай-Пагранічнай акругі № 4, па якой балатаваўся. Мароз дамагаўся адмены гэтага рашэння як незаконнага і неабгрунтаванага. 4 лістапада Берасцейская абласная выбарчая камісія пакінула яго скаргу без задавальнення.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце 18 кастрычніка раскрытыкаваў праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода за ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

belapan.by