У Берасці прайшла чарговая масавая акцыя супраць завода АКБ
Каля 250 чалавек выйшлі 3-га траўня на вуліцы Берасця, каб выказаць сваю нязгоду з будаўніцтвам акумулятарнага завода.
Па-ранейшаму яны выступаюць супраць шкоднай вытворчасці, супраць затрымання актывістаў і за змену ўлады, распавёў адзін з лідараў Уладзімір Мароз:
– Тэндэнцыя ўжо замацавалася – 250 ужо напэўна трэцюю ці чацвёртую нядзелю трымаецца. Гэтаму паспрыяла затрыманне нашых хлопцаў – гэта Бекалюк, Кабанаў і Андрасюк.
Як адзначыў Мароз, паводле папярэдняй інфармацыі, акцыя таксама адбылася ў Пінску.
Адзін чалавек быў затрыманы ў Берасці і два ў Пінску. Дадзеныя асобаў пакуль удакладняюцца. Берасцейца завуць Андрэй, ён трымаў у руках сцяг, адзначыў праваабаронца Раман Кісляк:
– Затрымалі таму, што ён ішоў на чале калоны і нёс сцяг. Я думаю, што з-за гэтага. За ім ішлі супрацоўнікі міліцыі, было бачна, што яго плануюць затрымаць.
Раман Кісляк звярнуў увагу на тое, што пакуль рана казаць, ці адбудуцца судовыя пасяджэнні і па якім менавіта артыкуле яны былі затрыманыя. Цягам дня інфармацыя можа з’явіцца.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце