У Берасці прайшлі суды над 16 удзельнікамі Маршу герояў



У Берасці 16 верасня суды разгледзелі справы яшчэ 16 затрыманых удзельнікаў Маршу герояў. У судзе Ленінскага раёна разгледжана дзевяць адміністрацыйных спраў, Маскоўскага раёна — сем, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

„Два ўдзельнікі маршу арыштаваныя на 15 сутак, два — на 10, адзін — на трое сутак. 11 чалавек аштрафавана. Памер штрафаў ад 5 базавых велічынь (135 рублёў) да 30 (810)”, — сказаў Вялічкін.

Суды над затрыманымі ўдзельнікамі Маршу герояў пачаліся 15 верасня. У гэты дзень адзін чалавек быў аштрафаваны на 5 базавых велічынь, два — на 10 (270 рублёў), два на 30 базавых, яшчэ два — арыштаваныя на 10 сутак.Усіх затрыманых судзілі па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

„17 верасня суды над удзельнікамі Маршу герояў працягнуцца. Паводле звестак, якія я маю, усяго было затрымана больш за 40 чалавек. Усіх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Адзін з іх з ІЧУ быў шпіталізаваны, — адзначыў праваабаронца. — Тых, чые матэрыялы адміністрацыйных спраў на сённяшні дзень не гатовыя для суда, сёння адпускаюць з ІЧУ. Іх выклічуць у суд позвай”.

Акцыя прайшла 13 верасня. Пасля 14.00 на скрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля, каля помніка „Тысячагоддзе Брэста”. Прыкладна ў 14.30 прысутныя з бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі па вуліцы Савецкай і прайшлі зігзагамі па некаторых цэнтральных вуліцах горада. Людзі скандзіравалі „Жыве Беларусь!”, „Верым! Можам! Пераможам!”, „Лукашэнка ў аўтазак!”.

Прыкладна ў 16.40 калона дэманстрантаў, у якой было каля 4 тыс. чалавек, прыйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава з бульварамі Касманаўтаў.

Шэсце спынілася на скрыжаванні, паралізаваўшы рух. Людзі скандзіравалі: „Гэта наша плошча!”, „Мінск, мы з табой!”, Спявалі і вадзілі карагоды. Калі да скрыжавання пад’ехалі аўтазакі і быў прыменены вадамёт, людзі ўцяклі са скрыжавання.

Пасля таго як аўтазакі і вадамёт з’ехалі, пратэстоўцы зноў сабраліся і пайшлі па бульвары Касманаўтаў. Там іх пачалі затрымліваць сілавікі.