У Берасці праходзяць два вялікія судовыя працэсы за пратэсты-2020



У Берасці 15 лютага пачаліся два вялікія судовыя працэсы за пратэсты-2020, перадае «Белсат».

У судзе Маскоўскага раёна судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. На лаве падсудных 10 чалавек. Усяго па гэтай справе праходзіць больш за 60 чалавек. Усіх абвінавачваюць па ч. 2 артыкула 293 КК (удзел у масавых закалотах). Карэспандэнты паведамляюць, што міліцэйская ахова на гэтым працэсе паводзіць сябе вельмі нахабна, не даюць здымаць журналістам нават у калідоры.

Паралельна ў судзе Ленінскага раёна пачалі судзіць другую частку фігурантаў так званай «карагоднай справы». Віна людзей толькі ў тым, што 13 верасня яны танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Берасці. Ім выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для першай часткі фігурантаў гэтай справы пракурор запрасіў ад 1,3 гадоў хатняй хіміі да 2 гадоў калоніі. Вырак для іх будзе агучаны 25 лютага.