У Берасці працягнуліся суды над праціўнікамі акумулятарнага завода
Тры праціўнікі акумулятарнага завода аштрафаваныя судом Ленінскага раёна Берасця 14 мая.
Як паведамілі БелаПАН актывісты, якія прысутнічалі на судовых пасяджэннях, Уладзіміра Мароза аштрафавалі на 30 базавых велічынь (810 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць завода 3 мая, Дзяніса Малышэнку — на 50 (1.350 рублёў) за ўдзел у акцыі 12 красавіка, Віталя Казака — на 80 (2.160 рублёў) за ўдзел у акцыі 12 красавіка, а таксама за ўдзел у сустрэчы 2 мая ў Берасці з гомельскім блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
З 11 мая ў судзе Ленінскага раёна разгледжана 11 адміністрацыйных спраў праціўнікаў завода. Большасць судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту, якія прайшлі ў абласным цэнтры ў красавіку—маі.
Тры разы судзілі Дзяніса Малышэнку (агульная сума штрафаў 110 базавых велічынь — 2.970 рублёў), двойчы — Уладзіміра Мароза (60 базавых велічынь — 1.620 рублёў), Віталя Казака (110 базавых велічынь). Пасля судоў іх затрымлівалі і да новага суда змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Па адным разе судзілі Алега Вялава, Канстанціна Астапука (па 30 базавых велічынь), Юрыя Калько (30 базавых за акцыю пратэсту і 10 — за непадпарадкаванне міліцыянерам) і блогера Сяргея Пятрухіна. Апошняга 11 мая арыштавалі на 15 сутак. У той жа дзень з ІЧУ ён быў дастаўлены ў Берасцейскую цэнтральную гарадскую бальніцу з падазрэннем на каронавірус.
Плануецца, што 15 мая будуць судзіць яшчэ двух праціўнікаў завода і праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна.