У Берасці працягваецца суд над двума фігурантамі “пінскай справы”



Пасля тыднёвага перапынку ў судзе Маскоўскага раёна Берасця прадаўжаецца працэс над жыхарамі Пінска Іллём Боханам і Сцяпанам Драздом, яны з’яўляюцца фігурантамі “пінскай справы”. Вядома, што акрамя іх ёсць яшчэ затрыманыя пінчукі, якіх умоўна адносяць у трэцюю групу. Іх таксама будуць судзіць за пінскія падзеі 9-га – 10-га жніўня.

Грамадская дзяячка Вераніка Іванова, якая адсочвае лёс фігурантаў “пінскай справы”, адзначае, што не зразумела па якім крытэры складаюцца групы:

– Не разумела і да гэтай пары не разумею крытэры Следчага камітэту па выдзяленні ў групы. Тут пэўнай заканамернасці няма ні па часе затрымання, ні па цяжкасці ўчынку, ні па ўзроставым цэнзе. То бок, магчыма размова ідзе пра ўвішнасць следчых і пра час, які неабходны для збору матэрыялаў. Дакладна ведаю, што ёсць яшчэ людзі акрамя гэтых двух, і чаму зараз толькі двое, сказаць складана.

Працэсы па “пінскай справе” цягнуцца ажно з сакавіка, за гэты час на тэрміны ад 4 да 6,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджана 24 жыхары Пінска.

Беларускае Радыё Рацыя