У Берасці працягваецца ціск на сям’ю Шарэндаў



У Берасці працягваецца ціск на сям’ю Андрэя Шарэнды і Паліны Шарэнды-Панасюк.

Грамадскія дзеячы за свае палітычныя перакананні абвінавачаныя па адміністрацыйных і крымінальных справах. Актывістка „Еўрапейскай Беларусі” ўжо знаходзіцца ў СІЗА, а яе муж можа быць у любы момант накіраваны на 15-дзённы арышт, – распавёў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Муж, на вялікае шчасце, пакуль што на волі, таксама ў любы момант яго могуць арыштаваць. Над ім вісіць 15-суткавы арышт, які прысуджаны судом, але яшчэ не выкананы. У яго ёсць двое дзяцей, якія зараз знаходзяцца пад апекай як раз Андрэя і бабуль. Нашы ўлады робяць вельмі моцныя намёкі на тое, што могуць дзяцей забраць.

На Паліну Шарэнду-Панасюк заведзеная крымінальная справа па артыкуле 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраны спраў). Менавіта так сілавікі расцанілі спробу абараніць свайго мужа ад арышту людзьмі без апазнавальных знакаў напрыканцы снежня мінулага году.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце