У Берасці працягваюцца навучанні для назіральнікаў на выбары



Амаль 200 чалавек прайшлі трэнінгі ў Берасці па назіранні за выбарчым працэсам. У межах кампаніі «За справядлівы выбары» адбылося дзесяць адукацыйных заняткаў. Актывістам распавялі пра тое, што такое назіранне, чаму важны грамадскі кантроль за выбарамі ды як яго ажыццяўляць, – адзначае адзін з каардынатараў кампаніі па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вуек:

– Мы разлічылі колькі будзем пакрываць выбарчых участкаў, зыходзячы з гэтай лічбы, разлічваем нашыя трэнінгі па падрыхтоўцы патэнцыйных назіральнікаў. На сённяшні дзень мы ўжо правялі 10 трэнінгаў, у кожным прымалі ўдзел ад 15 да 20 чалавек, якім мы далі неабходную інфармацыю, з’арыентавалі ў Выбарчым кодэксе, прайгралі ў рэлявых гульнях сітуацыі, якія могуць узнікнуць на выбарчых участках – парушэнні, рэфлексіі і г.д.

Цягам чэрвеня яшчэ каля сотні актывістаў пройдуць навучанне. Усе назіральнікі пройдуць таксама дадатковыя інструктажы, якія тычацца працы на выбарах. Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі сёлета ў лістападзе.

Беларускае Радыё Рацыя