У Берасці працягваюцца суды над удзельнікамі Маршу адзінства



Суд Ленінскага раёна Берасця 9 верасня прыняў рашэнні па пяці адміністрацыйных справах затрыманых удзельнікаў Маршу адзінства, які прайшоў у абласным цэнтры 6 верасня.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, два чалавекі асуджаныя на сем сутак адміністрацыйнага арышту кожны, адзін — аштрафаваны на 10 базавых велічынь (270 рублёў), яшчэ два — на 20 базавых велічынь (540 рублёў). Усе пяцёра прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП).

7 і 8 верасня ў гэтым раённым судзе адбыліся 42 працэсы па справах затрыманых удзельнікаў маршу. 36 чалавек былі аштрафаваныя, шасцярым прызначанае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ад трох да 15 сутак.

„Улады запалохваюць людзей, каб яны не выходзілі на акцыі пратэсту. Але прыхільнікаў перамен гэта не спыніць”, — упэўнены праваабаронца.

У Маршы адзінства 6 верасня ў Брэсце ўзялі ўдзел прыблізна чатыры тысячы чалавек. Удзельнікі з бел-чырвона-белымі сцягамі з 14.30 да 19.30 прайшлі па шэрагу вуліц горада. Людзі скандавалі „Жыве Беларусь!”, „Верым! Можам! Пераможам!”, „Трыбунал!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”.

А 15-й гадзіне на скрыжаванні вуліцы Савецкай з праспектам Машэрава супрацоўнікі міліцыі затрымалі прыкладна 40 удзельнікаў маршу. Іх даставілі ў Ленінскі РАУС. З райаддзела адпусцілі двух непаўналетніх — юнака і дзяўчыну, астатніх да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Яшчэ некалькі чалавек міліцыя затрымала пасля заканчэння акцыі.

belapan.by