У Берасці правялі «нядзельную сустрэчу» праціўнікі акумулятарнага завода
У Берасці больш за 50 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода 20 мая прыблізна апоўдні сабраліся на плошчы Леніна, каб пакарміць галубоў і абмеркаваць свае далейшыя дзеянні.
Падобныя акцыі праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.
Адна з маўклівых акцый берасцейцаў
Людзі стаялі групамі, абмяркоўвалі незаконнае і небяспечнае, на іх думку, будаўніцтва. Ніякіх плакатаў і транспарантаў не разгортвалі.
Як адзначыла адна з прысутных жыхарка Берасця Лада, пры тым што праціўнікаў будаўніцтва небяспечнага прадпрыемстве становіцца больш, людзі баяцца прыходзіць на плошчу, бо ўлады робяць націск на актывістаў, аж да звальнення з працы.
Жыхарка Берасцейскага раёна Людміла лічыць, што пратэсты падзейнічаюць і прымусяць улады спыніць будоўлю. Яна адзначыла, што аналагічныя пратэсты мясцовых жыхароў вымусілі ўлады пачаць вываз небяспечных адходаў з утрыманнем свінцу з пасёлка Зялёны Бор Івацэвіцкага раёна, дзе яны знаходзіліся доўгія гады.
Людзі, якія сабраліся сёння на плошчы, таксама актыўна абмяркоўвалі размешчаныя ў інтэрнэце фатаграфіі дакументаў пра тое, што пратэсты ў Берасці нібыта фінансуюцца з Польшчы арганізацыяй Сentrum prawa ekologicznego. Берасцеец Дзмітрый заявіў, што гэта „дрэнна зробленая фальшыўка”. „Я сам тэлефанаваў у гэты цэнтр і размаўляў з прадстаўніком яго кіраўніцтва. Мне сказалі, што яны ўвогуле не фінансуюць ніякія праекты, а пра пратэсты ў Берасці адносна акумулятарнага завода нават не чулі”, — сказаў ён. Дзмітрый падкрэсліў, што ні адзін з жыхароў Берасця, з якімі ён размаўляў, не вераць гэтым дакументам.
Узводзіць акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст” прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе плануюць наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак створаная ў сувязі з гэтым зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэтае рашэнне ў Берасцейскі абласны суд.
17 мая ў сацыяльнай сетцы былі размешчаныя фатаграфіі двух дакументаў. З іх вынікае, што берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк нібыта атрымаў ад польскай арганізацыі грант для грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Сказана пра перавод на яго „банкаўскі рахунак” 6.500 еўра.
Кісляк заявіў БелаПАН, што ні арганізацыю Сentrum prawa ekologicznego, якая нібыта пералічыла яму грошы, ні Bank Zachodni WBK, на рахунак якога быццам бы пералічаныя грошы, ён не ведае і ніколі з імі не працаваў. „Ясна, што гэта фальшыўкі. Прымітыўны чорны піяр з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Трэба разумець, што дыскрэдытацыя мяне, праваабарончага цэнтра „Вясна” — усяго толькі сродак. Сапраўдная мэта — паказаць, што на пратэст супраць акумулятарнага завода не грамадскасць Берасця паднялася, а нейкія праплачаныя звонку актывісты”, — падкрэсліў Кісляк, які зараз знаходзіцца ў Кішынёве і бярэ ўдзел у міжнародным семінары для праваабаронцаў.
18 мая Кісляк накіраваў па электроннай пошце ва УУС Берасцейскага аблвыканкама заяву аб распаўсюджванні пра яго ілжывай інфармацыі. Ён просіць устанавіць асоб, датычных да гэтага злачынства, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці за паклёп.
„Еўрарадыё” пагутарыла з прэзідэнтам Цэнтра экалагічнага права Магдаленай Бар, чый подпіс нібыта стаіць пад рашэннем аб выдзяленні грошай Кісляку. „Не прыгадаю, каб нешта такога кшталту падпісвала… Але мы дакладна не можам мець з гэтым нічога агульнага. Гэта хтосьці капае пад нас! Пачулі дзесьці назву нашага цэнтра ці маё прозвішча, але я не ведаю, хто такое мог зрабіць. Я ніколі нічога не чула аб будаўніцтве такога завода. Ды ў нас ніхто б такога ліста не падпісаў, таму што ён бессэнсоўны. Так, мы займаемся аховай навакольнага асяроддзя, але нікога не фінансуем. Мы больш ўяўляем сабой такую навуковую арганізацыю: выдалі некалькі кніг, выступаем у ролі экспертаў у пытаннях аховы асяроддзя. Але не фінансуем ніякіх там пратэстаў, наогул нікога не фінансуем„, — падкрэсліла Бар. Пасля азнаямлення з „дакументам” кіраўнік цэнтра заявіла, што ён сапраўды складзены не ў яе арганізацыі, а подпіс не яе „і нават не падобны”. БелаПАН