У Берасці прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода



У Берасці прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „Айпаўэр”, супраць якога пратэставалі мясцовыя жыхары. Адпаведнае распараджэнне № 60-Р апублікаванае на сайце Берасцейскага аблвыканкама за подпісам старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса.

„Прыпыніць будаўніцтва аб’екта „Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” з уласнай кацельняй на прыродным газе па адрасе: Бераасцейскі раён, СЭЗ „Брэст”, раён „Аэрапорта”, 1 пускавы комплекс” да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, — гаворыцца ў пастанове.

Пратэсты супраць завода трываюць з пачатку 2018 года, калі людзі даведаліся пра будоўлю. І відавочна, што пратэсты паўплывалі таксама на рашэнне мясцовых уладаў, але наколькі яно шчырае, невядома, – заўважае журналіст-фрылансер Яўген Скрабец, які актыўна асвятляе гэту тэму.

– Разам з дзеяннямі актывістаў па супрацьстаянні заводу, разам з журналісцкай супольнасцю, з блогерамі ідзе рэзананс гэтай сітуацыі. І не толькі ў нашым горадзе, але і па ўсёй краіне. Яна на слыху. Рана ці позна для выбіцця нейкіх сваіх бонусаў улада пайшла б на такі крок. Шчыры ён ці не – пакажа час.

Акумулятарны завод у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст” будуе прадпрыемства “АйПауэр”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. У гэтым месяцы падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэнне шкодных выкідаў у паветра.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя