У Берасці распавядуць пра расследаванне забойства Шарамета



Крыстафер Мілер выступіць з лекцыяй у Берасці. Аўтар даклада “У правасуддзі адмоўлена: Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства Паўла Шарамета” распавядзе пра падрыхтоўку сваёй працы, на якую ён страціў тры з паловай месяцы. Мерапрыемства анансаваў старшыня берасцейскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Максім Хлябец, які асабіста быў знаёмы з Шараметам:

– Я сам быў вучнем Паўла Шарамета. Некалі разам з ім працаваў на «Беларускім партызане», і нават некалькі матэрыялаў на «Украінскай праўдзе» мы рабілі з ім разам. Мне падаецца, што гэта вельмі прафесійны журналіст, глыбока прафесійны. Вядома, што сёння ў Беларусі такіх амаль не засталося. А можа, нават і няма. Ён паспеў яшчэ з’ехаць некалі, працаваў і на беларускім тэлебачанні, і на расейскім, пасля стаў нідзе не патрэбным з-за таго, што казаў тое, што думаў, казаў праўду.

Мерапрыемства адбудзецца 22 красавіка ў берасцейскім гатэлі “Эрмітаж”. Удзел магчымы праз адмысловую рэгістрацыю, пра якую падрабязней можна даведацца ў рэлізе берасцейскай філіі БАЖ на facebook. Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы Press Club Belarus.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце