У Берасці разгледзелі апеляцыі палітвязняў



Суд Берасцейскай вобласці, як і раней раённы, палічыў палітвязняў Аляксандра Бабіча і Міхаіла Шабалюка вінаватымі па артыкуле 363 КК РБ, і прысуды 3,5 і 3 гады калоніі пакінуў без зменаў. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі мясцовага аддзялення незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна». Пацвердзіла інфармацыю і маці Аляксандра Бабіча — Жанна Загжэцкая:

– Прайшоў чарговы суд-клаўнада, іначай нельга назваць. Усё засталося без зменаў.

Аляксандр Бабіч і Міхаіл Шабалюк асуджаныя да пазбаўлення волі за эпізод, які меў месца 9 жніўня 2020 году ў Берасці, падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Абодва, паводле суду, аказвалі «супраціў міліцыі…». Пазней Аляксандр Бабіч і Міхаіл Шабалюк былі прызнаныя палітвязнямі праваабарончай супольнасцю. Таксама вядома пра затрыманне днямі ў Маскве брата Міхаіла Шабалюка — Яўгена Шабалюка. Паводле інфармацыі ў СМІ, яму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь.

Апеляцыя разглядалася калегіяй суддзяў пад старшынствам Мікалая Грыгаровіча.

Беларускае Радыё Рацыя