У Берасці разглядалі чарговую справу пенсіянеркі Алены Гнаўк



Стала вядома, што справу Алены Гнаўк адправілі на дапрацоўку. Алену Гнаўк на выхадзе з суда затрымалі паўторна. Затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.

***

Гэта тая самая жанчына, якая спявала песню ў «аўтазаку» пасля свайго затрымання 4 кастрычніка на пратэстнай акцыі ў Берасці. Яе прызналі вінаватай ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і асудзілі на 15 сутак арышту, які павінен скончыцца сёння.

Аднак Алена Гнаўк паўторна дастаўлена ў суд. Артыкул — той жа. З будынка суда перадаюць відавочцы:

– На судовае пасяджэнне сабрала досыць вялікая група падтрымкі – каля двух дзясяткаў чалавек. Можа нават і больш. Гэта ўнутры будынка суда. І яшчэ столькі ж людзей чакае на вуліцы.

Алене Гнаўк 63 гады. Цягам адбывання 15-суткавага арышту яе двойчы ўжо хацелі асудзіць, але справы адпраўляліся на дапрацоўку. Ад сваякоў вядома, што жанчына абвяшчала галадоўку ў знак пратэсту супраць умоваў утрымання ў ізалятары.

***

Берасцейскія праваабаронцы паведамляюць пра тое што пакуль асуджаныя актывісты знаходзяцца ў камерах, на іх шукаюць інфармацыі па іншых эпізодах удзелу ў акцыях пратэсту. Калі такая інфармацыя знаходзіцца, то заводзіцца чарговая адміністрацыйная справа. Падобным чынам берасцейскія ўдзельнікі пратэстаў ужо набіралі па 30 альбо 45 сутак адсідкі ў суме.

Беларускае Радыё Рацыя