У Берасці скарацілася колькасць бяздомных жывёл
Кіраўнік валанцёрскай ініцыятывы “Права на жыццё” Ірына Амельянчук лічыць, што ў Берасці скарацілася колькасць бяздомных жывёл. Пэўныя крокі для гэтага робіць дзяржава. Напрыклад, у Берасці нядаўна адкрыўся новы, больш гуманны па ўмовах пункт адлову і ўтрымання жывёл. Але асноўная заслуга ўсё ж належыць валанцёрам, якія вядуць пастаянную працу як па інфармаванні, так і непасрэдна стэрылізацыі і ўладкаванні беспрытульных сабак і катоў.
– Я мяркую па коціках на прыпынках. Па-мойму, іх колькасць зменшылася. І я бачу ў гэтым працу валанцёраў. Заўсёды заўважны дом ці прадпрыемства, дзе працуюць валанцёры, бо там няма бяздомных коцікаў або яны стэрылізаваныя, не маюць патомства.
Ірына Амельянчук звяртае ўвагу, што ў Беларусь хутка прыйдуць маразы, а значыць бяздомныя жывёлы апынуцца ў горшых умовах, чым звычайна. Выратаваць ката ці сабаку ад замярзання можна проста падкарміўшы іх. Таксама валанцёрка нагадвае пра неабходнасць ужываць меры перасцярогі ў святочны перыяд, калі навокал узрываюцца петарды і феерверкі. Дамашнія сабакі могуць зрывацца з павадкоў і губляцца, таму неабходна пазначаць адрас на ашыйніку і пазбягаць выгулу ў вячэрні час. Не варта таксама пакідаць жывёл, навязаных ля людных крам і аптэк.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце