У Берасці спрабуюць асудзіць незалежнага журналіста
У Берасці спрабуюць асудзіць незалежнага журналіста Алеся Ляўчука, па артыкуле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП): «Незаконны выраб прадукцыі СМІ».
Падрабязней пра тое за што спрабуюць пакараць журналіста, апавядае сам Алесь Ляўчук:
— На мяне быў складзены пратакол па артыкуле 22.9, гэта пяты такі пратакол. Сітуацыя ўзнікла наступная: Трэцяга студзеня у нас выйшаў сюжэт, у якім я распавёў пра карупцыю берасцейскіх чыноўнікаў. Вуліца Шаўчэнкі ў Берасці, дзе была зроблена толькі палова вуліцы, а чыноўнікі заявілі, што зрабілі ўсю. Мы паехалі на гэтую вуліцу і сапраўды там была зроблена толькі палова вуліцы. Тады ўзніклі пытанні. Дзе гэтая сродкі, што зніклі? Замест таго, каб неяк пакараць чыноўнікаў, караюць журналіста.
Суд над Алесем Ляўчуком мусіць адбыцца ў пятніцу, аднак сам журналіст не збіраецца прысутнічаць на пасяджэнні. «Я лічу пераслед журналістаў па такіх пратаколах і артыкулах фарсам», — зазначыў ён.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце