У Берасці стартуюць курсы ангельскай мовы для уладароў агра і экасядзібаў
У Берасці стартуюць курсы ангельскай мовы для прадстаўнікоў турыстычнага бізнэсу, уладароў агра і экасядзібаў.
Курсы будуць ладзіцца, дзякуючы праэкту ’’Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё’’ пры падтрымцы праграмы ПРААН Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
Курсы працягнуцца з лютага па сакавік, іх удзельнікі будуць сустракацца два разы на тыдзень.
Каардынатар праэкту па Берасцейскай вобласці Вадзім Пракапчук перакананы, што важна навучыць удзельнікаў правільнай камунікацыі з замежнымі гасцямі:
– Асноўная мэта – гэта непасрэдна базавыя веды, размовы з турыстамі, гэта вырашэнне канфліктных сітуацый, пазнанне патрэбаў турыстаў. Курсы карыстаюцца попытам, бо 12 уладароў сядзіб выказалі жаданне вывучаць ангельскую мову па такім інтэнсіўным курсе.
Як адзначыў Вадзім Пракапчук, 60 працэнтаў кошту навучання будзе пакрыта з дапамогаю фінансавання праэкту, 40 – удзельнікі павінны пакрываць сваімі сродкамі. Каардынатар перакананы, што такім чынам павышаецца матывацыя да ўдзелу ў курсах.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце