У Берасці судзілі зборшчыкаў подпісаў за адстаўку чыноўнікаў
Суддзі суда Ленінскага раёна Берасця Пётр Баброўскі і Святаслаў Каліна прысудзілі праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода Дзмітрыю Бекалюку і Алегу Ярмоленку па 20 базавых велічыняў штрафу адпаведна.
Абодвух судзілі за збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі за адстаўку мясцовых чыноўнікаў. У гэтых дзеяннях міліцыя ўгледзела прыкметы пікету і склала пратаколы за „парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў”.
Каментуе Алег Ярмоленка:
– Сэнсу няма хадзіць у суды, я б прыйшоў, мне б адразу аб’явілі 20 базавых падчас першага пасяджэння, можна было б разыходзіцца. Для чаго я хадзіў, для чаго абарона, для чаго сведкі з боку абвінавачвання, якіх не было і не бачылі яны мяне, я не разумею. Я разумею суд так, прыйшоў, 20 базавых агучылі, пайшоў аплаціў. Эканомлю свой час, эканомлю час суда і ўсе працуем далей.
Дзмітрый Бекалюк:
– Я не згодны з рашэннем суда, буду абскарджваць. Я гатовы да барацьбы да канца.
Цалкам рэпартаж у далучаным файле:
Супраць актывістаў сведчылі міліцыянты, сярод якіх таксама былі тыя, што здымаюць штонядзельныя акцыі праціўнікаў будаўніцтва па „кармленні галубоў” на плошчы Леніна. Актывісты называюць гэтых міліцыянтаў „ціхарамі”, „шуняўкамі”, або „міліцыянтамі ў цывільным”.
Грамадзянская супольнасць ўжо пачала збор сродкаў на аплату штрафаў для Дзмітрыя і Алега.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце