У Берасці судзяць 14 палітвязняў — фігурантаў „пінскай справы” (абнаўляецца)



У судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся працэс па „пінскай справе”, паведамляе БелаПАН. 14 жыхароў райцэнтра, прызнаных праваабарончай супольнасцю палітвязнямі, абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у ноч на 10 жніўня 2020 года Пінску.

Карэспандэнтаў БелаПАН на судовае пасяджэнне не пусцілі без тлумачэння прычын, нягледзячы на наяўнасць пісьмовай акрэдытацыі.

Працэс вядзе Яўген Брэган, які да прызначэння намеснікам старшыні суда і суддзёй Маскоўскага раёна Берасця 15 чэрвеня 2021 года займаў пасаду суддзі Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. У Баранавічах і Берасці ён выставіў шэраг прысудаў, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі.

Абвінавачваным ад 19 да 46 гадоў. Сярод іх адна жанчына — Алена Маўшук. Вядома, што яе муж Сяргей Маўшук таксама праходзіў па справе і знаходзіўся пад хатнім арыштам, але сярод падсудных на гэтым працэсе яго няма. Імёны іншых абвінавачваных — Рыгор Гунько, Сяргей Ляжэнка, Вячаслаў Рагашчук, Вячаслаў Шэлямет, Раман Багнавец, Алег Рубец, Аляксандр Цярэшка, Артур Халімончык, Данііл Богнат, Станіслаў Міхайлаў, Дэвід Масціцкі, Ігар Салавей. Усе яны, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”, знаходзяцца пад вартай з жніўня—верасня 2020 года.

Паводле інфармацыі сваякоў падсудных, ім інкрымінуецца злачынства паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пінчукі абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках, што выразілася ў непасрэдным здзяйсненні гвалту над асобай, пагромах, знішчэнні маёмасці (максімальнае пакаранне — да васьмі гадоў пазбаўлення волі).

Як стала вядома БелаПАН з інфармаванай крыніцы, у спісе пацярпелых ад рук фігурантаў справы — больш за сто супрацоўнікаў міліцыі. У сямі з іх — менш цяжкія цялесныя пашкоджанні (пераломы пальцаў рук і пальцаў ног, плюсневай косткі нагі), у астатніх — лёгкія пашкоджанні, якія не пацягнулі страты здароўя або стойкай страты працаздольнасці (ранкі, гематомы, выцятыя раны, ёсць выбітыя зубы).

Версія тых, хто быў на плошчы, расказаная БелаПАН іх сваякамі, такая: людзі прыйшлі ўвечары 9 жніўня на ўчасткі для галасавання, каб даведацца пра вынікі, іх накіравалі да гарвыканкама. Там яны стаялі некалькі гадзін. Калі да мясцовых сілавікоў прыехала падмацаванне, пінчукоў пачалі браць у кола. Людзі спрабавалі вырвацца і абараняліся ад узброеных людзей. Быў момант, калі сілавікоў адціснулі ад выканкама.

Паводле слоў сваякоў падсудных, згодна з версіяй абвінавачвання, пінчукі нанеслі шкоду АУС прыкладна на 19 тысяч рублёў. Пашкоджанне міліцэйскага ўазіка ацанілі больш чым у 1,5 тысячы рублёў. У абвінавачванні фігуруе пашкоджанне або знішчэнне металічных і пластыкавых шчытоў, шлемаў, бронекамізэлек і гэтак далей.

Паводле абвінавачання, знішчаныя 13 металічных скрыняў, шэсць сігнальных слупкоў, чатыры туі і кветкі розных відаў.

Фота: БелаПАН