У Берасці судзяць 8-ю групу абвінавачаных у «карагоднай справе»



У рамках гэтай крымінальнай справы пакаралі ўжо больш за 80 чалавек. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле летась 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекту Машэрава, піша Свабода.

Паводле Следчага камітэту Берасцейскай вобласці, вызначана 115 асобаў, якія мелі дачыненне да гэтага «злачынства».

Сёння, 24 верасня, на лаве падсудных 6 фігурантаў. Пружанец Алег Кулеша (ужо больш за 3 месяцы ў берасцейскім СІЗА № 7) Мікіта Дзмітрыеў Ганна Кашырскіх Сяргей Кунцэвіч Дзмітрый Макарэвіч Таццяна Пякарская

Згодна з версіяй абвінавачання, падсудныя ў групе з іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Іх дзеянні нібыта былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў.

Агулам на гэты момант вынеслі ўжо 7 калектыўных прысудаў. Суддзі, якія каралі фігурантаў «карагоднай справы»: Святаслаў Каліна, Дзмітрый Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзмітрый Куроўскі, Вера Філонік.