У Берасці судзяць актывістаў Пятрухіна і Астапука
У Берасці пачаўся суд над затрыманымі ў нядзелю праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода Сяргеем Пятрухіным і Канстанцінам Астапуком. Абодвух затрымалі непадалёк ад плошчы Леніна і даставілі на ноч у ізалятар супрацоўнікі міліцыі і АМАПу .
Адбылося гэта адразу пасля заканчэння акцыі „кармлення галубоў”. На некаторых з удзельнікаў пратэсту былі футболкі з надпісам „Прэч атруту, не – заводу! Гаспадарыць тут народу!”, у тым ліку і ў Пятрухіна з Астапуком. Кажа Канстанцін Астапук:
– Мяне ні разу не пакармілі. Сяргея кармілі, а мяне – не.
Сяргей Пятрухін:
– На майцы напісана „Прэч атруту, не – заводу! Гаспадарыць тут народу!” Тут няма ніякіх заклікаў. Нічога не зразумела. Што, нельга майку апранаць? Каму гэта не падабаецца?
Астапука і Пятрухіна вінавацяць у парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў.
Справы разглядае суддзя Семянчук, які задаволіў хадайніцтвы падсудных аб удзеле ў працэсе абаронцы. Пасля гэтага быў абвешчаны перапынак да чацьвярга, і Пятрухіна з Астапуком вызвалілі з-пад варты. Па-словах Пятрухіна, футболкі былі канфіскаваныя як доказы.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце